ШКОЛА ТРАДЫЦЫЙНАГА МАСТАЦТВА існуе з 2012 года. Гісторыя школы бярэ вытокі ў актыўнай дзейнасці фальклорнага гурта «GUDA», што існуе больш за 20 гадоў, па вывучэнню спеўнай і танцавальнай культуры Беларусі. За час пошукаў і актыўнай вакальнай і танцавальнай практыкі ўдзельніцамі гурта назапашаны ўнікальны досвед, які дапамае вучням дасягнуць поспеху ў мастацтве традыцыйнага спеву і беларускага танца. Да вучэбнага працэсу далучыліся лепшыя знаўцы традыцыйнага беларускага танца, нацыянальнага адзення, этнакультуролагі і фалькларысты.
Навучанне ў ШКОЛЕ ТРАДЫЦЫЙНАГА МАСТАЦТВА платнае.
Сёння ў ШКОЛЕ ТРАДЫЦЫЙНАГА МАСТАЦТВА навучаюцца дзеці і дарослыя.
Навучанне дарослых вядзецца па 4ох накірунках:
- традыцыйнае спеўнае мастацтва (кіраўнік курса – Вікторыя Міхно),
- беларускі танец (кіраўнік курса – Мікалай Козенка),
- студыя дызайну нацыянальнага адзення (кіраўнік курса – Вольга Кашкурэвіч),
- лекцыі па традыцыйныму светагляду і мастацтву.
Навучанне дзяцей адбываецца ў дзіцячых і падлеткавых групах (кіраўнік — Аліцыя Крымоўская) .
У праграму навучання ўваходзяць традыцыйны танец, знаёмства са старажытнымі легендамі, казкамі, гульнямі, святкаваньне Калядаў, Масленіцы, іншых святаў традыцыйнага календара, танцавальныя ранішнікі. Беларускамоўнае асяроддзе гарантуецца 🙂
Школа традыцыйнага мастацтва — гэта не толькі сістэма навучання ў азначаных накірунках. У першую чаргу, гэта прывіццё чалавеку каштоўнасцяў, якія тысячы год існавалі на нашай зямлі: захаванне духоўнага і фізічнага здароўя чалавека, традыцыйная сям’я, ашчаднае стаўленне да зямлі, навакольнага асяроддзя, роднай мовы і культурнай спадчыны.